Павал Хадзінскі... цыклы

 

пачатак
вершы
не вершаванае
пра мяне
слухаць па начах
творы сяброў
галерэя
спасылкі
гасьцёўня

 

Кварталы

Скульптурны

Прачнулась пеннай недазначнасьць
І акурат у дзень сябе.
На моцных колах цераз бачнасьць
Жыцьцё асфальту не дзяўбе.

Квартальны плян шукае сэнсы
На летургічных палюсах,
Скульптура зьдзейсьнена ў сукенцы,
І нельга песьціць на сталах.

Ёй прадзіркуюць недахопы -
Палёт фантазіі на год.
Скульптурны комплекс чуе слоту,
Фантанаў вадкасьці налёт.

Па новых правілах чароўны
І звыш пяшчотны чалавек
Прыйшоў на сны ў маю гасьцёўню.
Прачнулась пеннай. Першы зьдек.

 

Ліхтарны

Тарыфны росквіт абяцаньняў
Таньней па шмат і назаўжды,
Сакральны досьвед амываньня
Уласных ног - паўсюль сьляды.

І рэжа горла ад напругі,
Халодна жыць у ліхтарах,
Мяне ўбачаць з валацугай,
Ты засынаеш на сталах.

Праз дэкарацыі вясельля -
Табе пярсьцёнак, а мне ноч.
Перакрыжуй ліхтар з маленьнем,
Сьвятла няма, нябачны плач.

Прабач тарыф для безгустоўных,
Зь мяне ліецца сэнс у сьвет,
Там шмат анёлаў безпрацоўных,
І вельмі шмат пайшлі ў абед.

 

Галодны

На суразмовах супрацьлеглых
Любі зьнясілены імпэт,
Табе партрэт у фарбах сьветлых,
На колер быў галодны сьвет.

Любі смактаць ля падваконьня
Умоўны гімн пра постны хлеб,
Кармі жыцьцём сваё ўлоньне,
Бяз болю існы парытэт.

Любі галодныя свабоды,
Дзе не высоўваюць анонс.
Любі мае любові спробы,
У мой квартал прыходзіць транс.

Дзесяты шэпт даслаў ухвалы,
Ён зноў жыве праз галаву,
Ён прагне есьці сэнс паўсталы,
Там звар'яцелі клеткі сну.

 

 

Па колу

Першасьвятар для дэгустацый.
Зь мяне па-частках і на ўзрыд
З жаданьнем кроўных перфарацый
Па колу робяць новы від.

Я ім і шыфр і слуп шэдэўра,
Я - пасьля працы вольны час,
На іх стале вар'яты-нэрвы
Аздобай лашчаць мой каркас.

Я - манумент герой Звышведаў,
Экспазіцыйна новы дом,
Квартал жыльля сямейных швэдаў,
Мой розум - донар сьвежых догм.

Вітаем новую найноўшасьць!
Цябе прайшла чарга вітаць.
Цяплей спрабуе асьцярожнасьць
Свае шэдэўры апранаць.

 

 

Агульны

Кірунак: сэнс. Трамвайны выбар.
Табе направа? Зноў? Прабач.
Разьбіты шклом раённы сідар,
Загорнуты ў Фуко Ківач.

Прэтэнцыёзна туш у думкі,
Свае кварталы пад плафон,
Скідаюць цыклы ў пастарункі.
Ты не сумуй. Агульны кон.

На выспе Патмас не шматлюдна,
Там прызвычаіліся спаць.
З маіх працэсаў вецер трубны
Ідзе ментальнае ваяць.

Штуршкамі шэптавая мройнасьць
З пазыцый пазытыву шпал
Трамваю створыць танцаздольнасьць.
Супольна-сэнсавы квартал.

 

 

Mea Culpa

Празрыстае

Перанаселеныя кветкамі, ня спаць –
Калі пазногцяў шмат – драбнее скура,
Мой час спрабуе ашуканьнямі схаваць
Амбітны цень убраньня гарнітура.

Недаакрэсьленыя крэйдамі сьляды,
Трамвай учас – калі прасохне памяць
І пад вытокам чыста-сумнае вады
Мой барэльеф між рэйкамі паставяць.

Перапрачнуцца ў палётны пасьлясон
Дзеля дажджу – насуперак каналам
Пайсьці ўшыркі і прышчэпліваць фасон.
Убраньне ёсьць. Убраньня стыль – удалы.

Паклеіць ветрам разадраную сьлязу
Палова целу, і палова – плянам.
Дзеля яе я дробны сподак прывязу.
Драбнее скура – белы шэпт сутаны.

 

 

Бяз тэрміну

Перапрабачаным – салодкія сады
На ўгнаеньнях ветлых іспалінаў
Растуць наўкол азнаямляльныя плады,
Са мной знаёмяцца, штурхая сьпіну.

Не там уласнасьць, дзе спрабуюць рабаваць,
Яна ўсярэдзіне ўласных гвалтаў
Яна на існасьці магчымага прымаць
Сынедрыён пасьля апошніх залпаў.

Пасьпее пер’ем зарасьці наноў жывот –
Ня сьлед прытулку па-за добрых густаў,
На заўтра выставім найновы лепшы лот,
Пасьля выставы будзе неяк пуста.

Чым пахнуць пальцы па сканчэньні нарадзін?
Яшчэ ўлоньнем, ці павевам сьвету.
За прабачэньнем пастаяць чарод гадзін.
Перапрабачаным ня стаць паэтам.

Ля цноты

Красуй як сарна ў карункавай гульне,
Твой пекны выгляд цягне вітаміны,
Тваё гульлівае шпалеры апране –
Рамонт парванай незнарок прасьціны.

Пляці круцёлкі на абвіслых валасах,
Там і павесіш потым рэшткі саду –
Каб не заблытацца ў скончаных правах,
Пляці, ляці з пакінутай парадай.

Красуй як сарна без надрыўнасьці высноў
Пра вечар стомы ці пра словы веры,
Глядзі як велічна пульсуеш ты наноў –
Чарговы дзень яскравасьці гістэрый.

Прымі становішча, прыдатнае на век,
Пад белым строем – цёплая бяз цела
Жывая маса, перасмаглы чалавек.
Пляці, ляці, глядзі… ты – паляцела.

 

 

Няёмкае

Прадай дзіця імя адрынутай рукі
Іх ордэн будзе страхаваць умовы
Пісаць на шчасьце ці на шэрае радкі,
З учора раптам пачаліся ловы

На гіпершчырыя па памяці плады,
Улоньні іх адродзяцца на вецер,
Імя адрынутай рукі будзе сьвяты –
З імём тваім пазначаны ў буклеце.

Шукай на старт недавясёлкавых дажджоў,
Займі мне месца ля выгод жыхарства.
У іх – дзіця, у іх – адсутнасьці дароў,
Прадай дзіця на сродкі для махлярства.

Я – новы плян, арганізатараў уздым,
У інкубатары шыкуюць дзеці,
Прадай яго – там набываюць па адным,
Перазаблыталіся словы сьмецьцем.

 

Бязвіннае

На шлях бязвіннасці шукаю камбікорм,
Там і прычына, і падмурак спробы
Абвінаваціць у бязмоўі сумны шторм
Паміж дзьвух вежаў для карыснай шкоды.

На сувязь німба і падкрэсьленых радкоў
У форме ветлівых высноў маленства
Зьвяртаць увагу, і пакрыўджанасьць наноў
Пераназваць у гонар падабенства.

Перанасыціць я ня здолею віну,
Анёлак я – заўважыла Такая ж.
Я – чысты сэнс – павесіць з рамкай на сьцяну,
Анёлак я, а ты… сьцяны ня маеш.

Прабегчы так, каб на працягласьці шляхоў
Ня плакаць болем і ня спаць балесна.
Маю пакрыўджанасьць пераглядзець наноў.
Маё бязвіннае цяпер адносна.

 

 

Фінальнае

Лязо вакансіі прайшло праз мёд надзей,
Каб на вакзале пачуцьцёвых хібаў
Непрадказальны на аб’ект пакут ялей
Крануўся стомленых ахвярай німбаў.

Зноў пачуцьцё і зноў з вакансіяй паслуг
Каб падслухоўваць за шпіёнам сэрца, -
А ён заснуў, жыве праездам чыйсьці дух,
Шукае скарб свайго адзінаверца.

Дзень медытацый і развагаў наўспамін,
Блукае столь – яе прыб’юць цьвікамі,
Блукае сэрца між мільярдамі цаглін
У гэты вечар іх наўмысна клалі.

З павагай браць незвыштактоўнае лязо,
Не даць магчымасьці парэзаць рукі.
Не падарую ёй на раніцу сьлязу,
І не засну, я чую сэрца стукі.

 

 

 

Totus Tuus

Ноч

Мінімум шчасьця на радыус веры.
Зьверы ілжы каля мяккіх высноў.
Хутка ўбачыш, як зьнікнуць памеры
Існасьці веры праз сутнасьць часоў.

Ноч. Каб паверыць у шчырасьць абраных.
Ноч. Зразумець цемру сьветлага дня.
Ноч. Каб заўважыць духоўныя раны.
Ноч. І надзея на літасьць агня.

Звужана-зважаным пэўным сумневам
У далікатнай краіне сьвятла
Не параўнаць сябе зь верай і небам.
Пэўных сумневаў рашучасьць зьмяла.

Верыць у веру, ці верыць напэўна?
Вернутых знакаў з павернутых кніг
Сьціх ціхі плач пасьля вокладкі гнеўны.
Ноч – для навернутых, ноч дзеля іх...

Кола

Новых лістоў зноў зашмат ад чаканьня
Чэрпаньня чыстай ці чэрствай хлусьні.
Новыя дні безназоўных казаньняў
Новых прамоўцаў у бляклай гульні.

Зрынутых Словам шукацьмеш у зьлівах
Бройлерных цудаў – удосталь, у смак –
Не перацягнеш на стомленых спінах,
Словам пагнутым скамечылі знак,

Дзеля ўваходу ў Пачатак Дыханьня.
Плач, калі сумна, ці змоўкні ўшчэнт.
Слова прадаць ці пайсьці на выгнаньне?
Зжэрлі, як печыва Твой тэстамэнт...

Рух цераз кола клінічнае сьмерці.
Рух, калі ўласна ёсьць рухацца чым.
Верыць у...
Сёньня пісалі, што Верце!
Сёньня пісалі пра заўтрашні дым.

Выспа

Побач, ля ног, нарадзілася выспа –
Цераз ручай – там трава, там лугі!
Звод твой законаў акрэсьлены сьцісла,
Прагнеш? Адзін крок ад левай нагі.

Там на сьцяне ёсьць чаргова-чароўны
Сымбаль жыцьця. Толькі ты і яно...
Дзеля ідыліі – мэтр бавоўны, -
З цёплым настроем на звыклае дно.

Там для цябе арыштоўваюць веру,
Дзеля цябе – ганаровы салют,
Там тваёй веры – вышэйшую меру.
Зроблены крок. Будзеш там, альбо тут?

У календарыках – новы чырвоны.
Ты занатуй і сабе, не засьні,
Будзеш глядзець на начныя фасоны
Звыкла-чаргова-чароўнай мазьні.

 

Мройнасьць

Ветла праклёнамі ў белую мройнасьць
Брудна-зычлівым над вушкам званом
З мэтай нязнойдзенай сканчваеш здольнасьць
Быць да фатальнасьці першым кутом.

Нэрваў, запаеных з куфрам спадзеваў
Больш не адчуеш на сьветлых руках
Там скрыгатаньне зубоў без павеву
Сьветлых намераў у скончаных снах.

Безумоўна-бязмоўным прызнаньнем бязмежжа
Пачуцьцёвае волі праз веру ці пыл
Ты парушыш замкнёныя існасьці сьцежак.
Ці патрэбны той досьвед табе сёньня быў?

Складзеным дошкам не стацца дзьвярыма.
Верыць праз акуляры і шыбы.
Верыць у шчырасьць і шыбы магчыма?
Вера ў блякла-празрыстыя хібы.

Слова

Ты ў бязлюднай супольнасьці ценяў
Знойдзеш мне промні ад новай Зямлі?
Дні ў чаканьні бязглуздых падзеяў
Створаных звонку ў вечным агні.

Смуткам па сэрцы, і сэрца – за краты.
Колішнім марам раптоўны спачын.
І накірунак твой Словам адцяты.
Носам у багну. У багну – то з кім?

Твой успамін – на маіх занатоўках.
Вочы блішчаць альбо плачуць твае?
Бездапаможна – рукамі ў насоўках.
Можа і Слова табе не стае?

Не скасаваць сябе злучнасьцю зь небам!
Зьнікне ў яснасьці словаў зьнямога.
Думкам, ці рухам, ці знойдзеным ведам...
Верыць у...
Вер! А я веру ў Бога.

 

 

Твае цыклы

Сьветлы

Перакладамі займаешся –
Тады ў сшыткі нотныя перакладзі
Мяне без сораму пакінуць
Успамін у іншых сшытках
Без нумерацыі,
Бо параметры былі зьменлівыя
І зьмяніліся на зьнешнасьць.
Твайму сшытку таксама
Нададуць Імя ў архіве спісаных.
Да канца ці на канец?
Мяне вось толькі не спішуць,
Таму што я – перакладзены,
І дзесьці, напэўна, існуе яшчэ
Арыгінал.
Перакладамі займаешся –
З паліцы – у сьмецьце.
І паліцу і сьмецьце калі-небудзь
Спаляць.
Можа і цябе… Потым…
Але не хвалюйся, бо ты –
Перакладчыца.
Перакладзеш гэта на ўласна–новы лад.
Ці павераць?
А можа трэба, каб паверыла ты?
Нотныя сшыткі, напісаныя табою…

 

Сіні

Блякла спрабуеш увайсьці.
Маёй рукою кіруйся і я
Зраблю эскізныя цені
Сінім па-сьценах.
У сьценах не жывуць, там –
Дыхаюць паветрам страты
Чатырохкутніка весялосьці.
Твой колер – сіні ад вадкасьці,
Назьбіранай, каб паліваць
Кветкі.
Кропляй на дзень.
Дзень памяці тваёй весялосьці.
Попыт
На сапраўднасьць, мы
Знойдзем кветку ў шчыліне
Пад падлогай, дзе
Толькі-толькі твой цень
Разагнаў пыл.
Там жывое.
Твой цень і я.
Нас знойдуць.

 

Каменны

Ты мне.
Сьціплымі густамі ў гушчарных
Разважаньнях
Між каменьчыкам літасьці
І каменьчыкам памяці
Мне
Без патрэбы на падзяку
І таму – дзякую.
Ты мне.
Пацеркі з каменьчыкаў
Жыцьця і колераў.
Так шмат, і таму –
Удзячны адсутнасьці вады
Побач.
Ты мне.
А тваё пер’е ўжо палічылі,
У час здыманьня пылу.
Безгустоўна
Распранацца на вуліцы.
Ты мне.
Падаруеш свае кошыкі з сумам.
І ведаю гэта, і прымаю.
Таму што
Ты
Таму што
Мне.

Цыклічны

Перагартаць цябе назад,
У тое месца, дзе перад
Назовам твора жыве старонка
Друкарскай цноты.
Але гартаць – то будзе зноў:
Гартаць з прасоўваньнем у аркуш.
Лепш валасы крануць твае
Паветрам рухаў дзьвух павекаў,
І той магутнасьцю
Перагартаць.
Пе
ра
Набраць
Каб імавернасьць мне гартаць
Палегла ў сон.
Пераназваць цябе
І разгарнуць урэшце там,
Дзе я шукаю месца
Для
Друкарскай цноты.

 

Канчатковы

Ты ў пошуку перамогі над ценем.
І так па-просту з рукамі
На маіх адпаведніках
Глытаеш дождж, нанізаны
Ружанцам на валасы.
У пошуку лялечных густаў
Заблытаная,
І толькі дождж па-перлінках
Зьнікае –
Губляеш астатнюю натуральнасьць.
А калі яна была патрэбная?
Ты ці натуральнасьць?..
Бяз сэнсу – бо і
Натуральнасьць ужо пад нагамі.
Ты ў пошуку.
Перамаглі табою.
Да сустрэчы
Праз
Два
Дажджы.

 

 

Крыкі

Крык пачатку

Дзе тыя, што плакалі ў цёмнай кватэры,
Дзе тыя, чые валасы мы знайшлі.
Магчыма ўдосталь нікчэмных містэрый?
Дзе тыя, што без дараваньня сышлі...

Бы крык уначы, каля вокнаў жалобны
Калі не спасьцігнеш на досьвітку мрой –
Пяшчоты імпэт – О, мой мілы і родны
Там прорва, не... трэба, не... проста пастой.

Аднак крыкі звонку ня створаны ў цемры,
Аднак крыкі тыя – ня дам іх табе.
Ты ведаеш, вусьцішна бачыць манэўры.
Калі выкананьне ідзе па трубе.

Паслухай, ты верыш, што ёсьць непазьбежнасьць...
Бо крыкі, што звонку – няварты званок,
Не здолееш ты прасачыць нам адлегласьць
Да крыка сапраўднага – ножкамі крок.

Калі там, з сярэдзіны, ціхі, нячутны
Цябе расьцярушыць Твой крык, толькі Твой.
Тады ты схаваеш свой погляд амбітны,
Калі не спасьцігнеш на досьвітку мрой.

 

Крык уласны

Ці ты заўважала сьляды ў кватэры?
Праз сон ты напэўна, ня чула матыў –
Мільёнагалосься ці хопіць для веры,
Альбо сымбаль Веры цябе ўжо стаміў...

Пакуль ты спала, нехта крэмзаў на целах,
Ня рухайся, бо папсуеш свой узор.
Адчынім лепш вокны, у лёгкіх павевах
Цябе мы адчысьцім пад воклічы зор.

Спужаецца ноч, калі крыкнеш уласна.
І неспадзявана адчуеш свой смак,
А заўтра напішуць – раптоўна, заўчасна...
Спалохацца проста, дзівосны мастак.

Страшэнна, калі крык з чарговым дыханьнем
Кавалак чарговы ірве ў тваіх снах
Кавалак цябе, з пажыцьцёвым выгнаньнем
На безліч плантацый, дзе ўзрошчваюць жах.

Не плач, бо твой крык ня ёсьць слабасьцю волі,
Ня плач, бо я ведаю гэты матыў.
Мы можам зьмяніць нашы звыклыя ролі,
Пакуль гэты крык назаўжды не скарыў.

 

Крык марнасьці

Пыхлівасьцю думак стварыла насеньне –
Табе падарую куфэрак зь зямлёй.
Ты ўжо падпісала на крык пагадненьне?
Насеньню патрэбны ахвяры, а той

Хто першай здабудзе – сэзонныя зьніжкі...
Сьпяшайся! Спазьнішся на слынны базар.
Ідзі, пашанцуе! А пэўныя лішкі –
Ну хто іх згадае на прыцемку свар?

Калі дакранешся да рук чужаніцы –
Працяты праз дождж невідушчы смурод –
Глядзі, бо магчыма табе гэта сніцца,
А не – сьцісьні моцна ад крыку свой рот.

Працяты праз дождж, праз цябе і праз вечнасьць
Крык стомленых зьяваў і марнасьці крык.
Няўжо я схаваў бы цябе ў бяспечнасьць,
Замкнуў бы ўсе дзьверы на ключ... які зьнік.

Няўжо крык – прычына схавацца ад сонца?
Жадаеш, табе пабудуем сьцяну
Вакол усяго і сьляпыя кіроўцы
Цябе не прымусяць крычаць пасьля сну.

 

Крык адсутны

Усьцешаным голасам, гулкім ад гневу
На ноч ты мне клічаш празрысты пейзаж,
Аздоблены літасьцю цяжкага сьпеву –
Ці ты пачакаеш, - адзначу наш стаж

Змагацца з адсутнасьцю крыка і мэты –
Маўчы, замест гуку народзіцца зман.
З нагоды яго мы прызначым фуршэты,
Бо крык – як няіснасьць, як скончаны плян.

Сьвяткуй і прызнайся зь няспрэчным жаданьнем
Крычаць, калі добра, каб проста крычаць,
Каб бачыць рэакцыю, мець назіраньне,
Крычаць, каб паслухаць, для музыкі граць.

Зьбялела аблічча, са мною ня згодна.
Нязвыкла? Нязвык? – перапынак на сон.
Пяшчоты імпэт – О мой мілы, і родны...
Імпэт у пяшчоце сыходзіць на стогн.

Кудзерак спатканьне, як шлях у супольнасьць.
Як шанец на памяць, на новы спакой.
У крыка ёсьць дзікая, мілая здольнасьць
Каб без перашкодаў зрабіць цябе злой.

 

Крык на працяг

Дасьледаваць сутнасьць як сон, альбо мэту,
Ці звыкласьць пачуцьцяў бяз чутных вымоў,
Абраць шлюбны строй, ці на момант – вярэту,
Мо зьбегчы далёк – і вярнуцца дамоў.

Бывае няёмка ад кволасьці праўды,
Чырвоным абліччам – насуперак злу.
Ці можа пачуць што, гуляючы ў нарды?
Аддаць перавагу сапраўднасьці? Сну?

І крык дамінуе над стромкай выявай,
Над сьціпласьцю веры і нутраным тлом.
Яго ўзьвялічым паразаў выставай –
Квіткі па замове, а хворым – на дом...

Аскепкамі сэнсу ты зьвернеш увагу.
Твой крык на працяг – на бясконцы цягнік.
Імпэт для чаго? І жаданьне, і прага...
Прымусіш маўчаць адмысловы свой крык?

Дабранач, а ведаеш, сэнс – у вяртаньні,
Да ўласных пачуцьцяў чарговы зварот
Твае я там ведаю цёплыя грані
І ведаю крыкаў самотны смурод.

 

 

Лікі

Адзін

Зрабі мне экскурсію заўтрашніх словаў
Накрэсьлі мяне ў зьдзічэлых радках.
Знаёмы, замкнёны і стомлены нораў
У сьціпла-экстазных маленькіх руках.

Наведай цягнік, дзе разгружваюць смутак
Пяць грам на душу і па-дваццаць на тры.
Чакайце мяне! У мяне – лёгкі скрутак
Нябачны ўжо скрутак, падзёрты, стары.

З трываньнем глядзі адзін раз на сталеньне
На зьменлевы пах вечаровай цішы.
Ня вер мітусьліва-нявернаму рдзеньню
Абрысаў кардонна-вільготнай мяжы.

Кранайся адзін раз з дакорам на памяць
Жыцьця – да памерлай асобы рукі.
Пакінь мне адно спадзяваньне завабіць
У спакой твой настрой пасьля сну гаваркі.

 

 

Два

Ля сакральнае брамы сьпісаных законаў
Адшукай мне адзін, каб адзначыць фінал
Майго выйсьця зь няіснага ў часе палону,
А лепш – два, каб другі ўваход не губляў.

Прапануй, прапануй мне ня змораны танец –
Да канца, мо да сьмерці ня стомны імпэт.
Дзіўны, дзікі пульсуе мой лёс – абадранец,
Прапануй, падаруй мне бяз дзірачак плед.

Імпануе цяпло, каб ня шмат, каб хапіла.
Пульхлым дахам вакол ачмуральных пакут.
Прывітаньне, я тут! Мая радасьць састыла,
Адкладзі на жыцьцё непатрэбны ўжо суд.

Крок назад, не ачольвай маю непахіснасьць.
Два жыцьця на дваіх, альбо два на жыцьцё.
Ля сакральнае брамы ствараецца існасьць
Каштоўных рэсурсаў штодня здабыцьцё.

 

Тры

Апынуцца праз сьвет незваротным вар’ятам
Для цябе не істотна якім і нашто.
Паспрабуй карыстацца паветрам бяз стратаў,
Без шыкоўных прыдзірак на новае тло.

Выдзьмухваць у цябе скрозь празрыстыя трубкі,
Не параніць твой сон і ўбачыць зварот
З сумных вуснаў часткова абрыс твой бялюткі.
Па-за межамі цела будуецца плот.

Твой сцэнар, твой расклад, твой прамежкавы талент
Я згубіў, мне прабач, страсяні галавой –
Адаб’ецца на скуры сьвяточны арнамент,
Разарвецца на лусты цяперашні строй.

Прачынайся ва ўмовах ласкавага трансу,
На інэртных вачах нэрваваньня працяг,
Як пачатак стварэньня між намі альянсу –
На блуканьні стварылі нязьведаны шлях.

 

Чатыры

Не дала каб на зман пачатковым прызнаньнем
Расфарбоўваць мяне ў сукупнасьці зьяў,
Адкладзі да фіналу сваё параўнаньне,
Я свой гонар яшчэ да канца не суняў.

З паляваньня на памяць стварылася млосна,
Зь неіснуючых сноў – ачмурэньня павеў,
Каб быць спаленым з памяці аднагалосна...
Падарунак ? Шкада, я яго не пасьпеў.

Не патрапіць учас у патрэбныя рэчы
У патрэбных людзей не заўважыць сьвятло,
Не ўбачыць сябе ў супольнасьці зь нечым.
На паверхні душы мне зрабілі пано...

Твар у твар, каб знайсьці адпаведныя знакі
У чароўных вачах – твой абрыс ужо зьнік,
Ты маўчыш, ты чакаеш на словы падзякі.
Мне даслалі па пошце паветраны цьвік.

 

 

 

Мёднасьць

Мёд назвы

Звыш прапарцыйна гукі ліній
На выцінаньня здольных сьценах
Дзеюць імгненьне, колер Сіні.
Адарацыйны ціск па венах.

Я пасяліў у двух пакоях
Мёд у суладным выключэньні.
Шкляначка з шэптамі ў змовах,
Блізкасьць адсутнага зьмякчэньня.

Цяжкі паход на штурм міжсьценак
У дзьвухбаковы рух міжвер’я,
Сіні ад сталасьці каленак.
Мёд разьліваецца па пер’і.

У ізаляцыі прастораў
Сьлед адштурхоўвае ўвагу.
Час у прапорцыях дакору.
Плённасьць спатольвае мне прагу.

 

Мёд прасторы

Нізкая столь, каб мераць талент,
Для нізкарослых слоік з пчолкай.
Час размаўляць пра лёс і адвэнт,
Пра недасяжнасьць джала-голкай.

Ключ нараджэньня жорсткіх сцэнаў
Больш пашыраецца праз клейкасьць.
Блізкая столь ня ў тэрмін зьменаў
Крочыць з адлегласьцю ў вернасьць.

Тоесна ціхае, па ролях,
Мёд па гатунках на паліцу –
Любасны вецер у гастролях,
Шкло звышнапружана баіцца.

Ігнараваць бялізну ў мёдзе
Не імпазантна, перад выйсьцем,
Імправізацыяй у прозе –
Сховы прыроднасьці ў лісьце.

 

 

Мёд эратычнасьці

Стогн матывацыі, маўклівым
Гігіенічным зрухам слова
Перадаваць на пошласьць нівам
Альтэрнатыўнасьць паралона.

Мёд праз зямлю, мёд – ураджайнасьць
Ружовасьць сьціпласьці праз бляскі,
На вуснах юр, салют і сальнасьць.
Ноч у жніво, далоняў ляскі.

Пункт разважаньняў эратычны
Падчас звыканьня да пагрозаў.
У такт, у ветласьць мёд этычны
Не адмывае пошласьць фразаў.

З імём лягчэй, там цень матыву
Грувасткіх сымбаляў уліку,
Як паралон альтэрнатыва
Аб’ёму ўшыр, магічнасьць ліку.

 

Мёд пасьля

Духам інэрцыі на сувязь.
Два – каб пабыць, адзін – у памяць.
Мыць галаву адна імкнулась
Рэштаю мёду. Пыл ня згладзіць.

Тон у падатлівых выгібах
Слухае повязь фарба-сьвету,
Іхнія дзеці на шарнірах
Не ўспадкуюць мёд як мэту.

Кропка вышэйшая з дарослых
Будучых масаў пчол-па-крыўдзе
Перажагнае неданосных
У мёдазборы, духам сыйдзе.

Духам інэрцыі актыўнасьць –
Крокамі крок – сьцябло начыньня
Выпешчанай веры ў слыннасьць.
Мыць галаву. Мыць. Мыць. Мыць. Пільна.

 

Мёд Велікодны

Мёд на рамонт праз водны попел,
Ля ўмывальні – сорам цнотаў
З сотаў – адтуліны ад кропель.
Пуста. Як сьлед. Як ноч бяз квотаў.

Ролевы ціск ня бачыў спынаў.
Вібра дагляд духоўных вагаў,
Збочаны ўздоўж чаканьня стымул
На перагляд звышверных страхаў.

Стоп на прасторы. Пахне насып
На эмацыйна роўным слове
Як навучаньне ў вечнай клясе.
Мёд на рамонт, вада ў палове.

Дзень пераймаць статут сталеньня
Мне ў падтрымку – я спрагнёны
У расе духа мёд крапленьня –
Попелам дар на зноў калёны.


Мёд архітэктурны

Мёд мне настойліва рэльефы
Неразуменьняў гнуткай формай
Згладзіў. Міждумкавыя нефы
Страціў у страху ілюзорным.

Пабудаваная суфлёрам.
У недасьценах проймы звонкіх
Спешчаных вуснаў, словы з фторам
Архітэктура сноў няёмкіх.

Гучнасьць абцасаў не натхняе
Ім у прасторах эфемерных
Спрошчаны плян правоў скідае
Здольнасьць жыцьця ў сьне экстэрнаў.

Мёд мне рэльефныя шматведы
Падараваў у адбітках рысаў.
Між пабудовы вецер сьнедаў
Тая, з абцасамі – для стрэсу.

павал

 

2008 Lirnik-Making

Рыма-каталіцкі Касцёл на БеларусіAkavita SpyLOGРейтинг@Mail.ru Rambler's Top100

Hosted by uCoz