А ў нас нарадзіўся чалавек. Чала-хто-хто? Чала - век. Не, не стагодзьдзямі яго шукаць і чакаць, не губляць хвіліны марнасьці. Ён пера-народжаны перасьледам уласных хібаў і тваіх позіркаў. Цяжка, нібы праз мур пальцамі дакрануцца да іншага боку. Шчурпатая, без асобных кавалачкаў сьцяна, але свая, пяшчотаю паголеная ад старога сьмецьця. Цяжка, нібы плыць па ўзорах холаду на вокнах з мажлівасьцю адзін раз па адным месцы. І сачыць будуць з абодвух бакоў шкла, і няхай сочаць. Здолею. Пера-народжаны.
Калі ўважліва ды на на правы бок - там ляталі цаглінкі. Дагэтуль думаеш немагчыма? Тады зноў назад - праз мур пальцамі. Часам да крыві, але ж гэта не страшэнна, яна зрэдку калі сканчваецца цалкам. Чала - век, ты памятаеш пра сьцены, якія лётаюць, і дрэвы, якія растуць па жаданьні тваім, але табе шкада да нясьцерпнасьці пазбавіцца шэрасьці і адысьці ўбок ад яе. Паспрабуй на час, на імгненьне, на жаданьне. Цяжка, нібы спрабаваць лічыць валасы на руках. Стомішся, будзеш раздражнёным і адсунешся далей ад мэты. Але ёсьць той, хто ведае.
Я люблю вецер, калі ў валасах, калі абгортвае кожны зь іх па асобку, калі абуджае сярод ночы подыхам з вакна, бывае марозьлівы, бывае ласкавы. Я люблю вецер, ён хуткі альбо лагодліва ціхі. Але ты можаш стаць больш моцным і ўплывовым і ўлюбёным. Ведаеш як? Узгадай пра мажлівасьць пальцаў праз мур. Як толькі народзіцца жаданьне - спрабуй, падыходзь да сьцяны і - наперад. Наперадзе ёсьць падказка, яна ў таго, хто ведае. Ўсё ведае.
Здолееш. Веру. Чала - век.
А мне ўжо час ісьці…
2008 Lirnik-Making