Кацярына Марголь

 

Пяшчотнае самае
быццам сурок і катрынка -
эквілібрыст і студзень
каханка з сакрэтам-разынкай...
нас не было - мы будзем

займацца тэорыяй сонца
на сценках малочнай бутэлькі...
толькі звіняць бясконца
вочкі няўмелай мамзэлькі.

дзесьці ў немым Парыжы
ці ў летуценным Осла
ставіць салёны крыжык
рэчка-сляза на вёслах...

"так" па французску - гэта
тое ж, што "мы" па англіску,
сны на Манматры - мэта.
так недасяжна блізка

быць і кранаць употай
пад коўдраю з цеплай воўны
тое што, пэўна, потым
мы назавем ўмоўным

выйсцем з малочнай бутэлькі -
правам на новыя краты-
вочкі няўмелай мамзэлькі
шэрыя вачаняты.

Без цябе
Дробязь - аўтарскія сумёты,
Нібы страчаны шанец памерці стансам....
На каленках у Дон Кіхота
Піша вершамі стомлены Панса.

І сябе адчуваць трэцяй,
Калі ўдвох. Калі шчыльна фіранкі.
Я жыву на сваёй планеце
З несапраўдных нулёў - абаранкаў.

У ваду кінь камень - будуць хвалі,
У неба плюнь - вось табе знічка.
Мы кахалі ў эпоху Калі...
Мерзнуць пальцы ў рукавічках.

У стаўку замаўчаў апалонік
Гэта ўсё - раўнадушны гарлачык
Быць не побач з табой - бы ў палоне.
Плача Таня - згубіла свой мячык

Плача зайка, бо без гаспадыні
Не саскочыць косаму з лаўкі...
І не выскачуць трое са скрыні,
Пасварыліся Грышка з Саўкам...

Антуан мой дэ Сен, гэта ж трэба--
Я ўсё тая ж кірпацік-дзяўчынка!
Той жа горад з малітвай да неба,
Той жа прынц на трамвайным прыпынку.

Нават той жа дасціпны бараньчык
Гоніць сны капытком ў дзверы
Той раман... недажыты раманчык-
Тыя ж Надзя, Люба і Вера.

проста сталі іншымі гукі
проста гукаў зусім не стала
я твае бласлваіла рукі
я цябе бласлаўляць не стала...

 

восеньскае
эфектна восень выгне спіну,
заные за шчакою флюз...
сіпаты голас - гэта мінус,
сіпаты нораў - гэта плюс

мо раптам закахаўся сінус
ў адну з маіх гіпатэнуз.
у шкле вяргіня - гэта мінус
біг біэн ў далоньцы - гэта плюс

з-за шафы Будда пусціць сліну
на вуха прабуркоча "ЧУС.."
цалую Будду - гэта мінус
ніжэй цалую - гэта плюс

бы палітычнага прытулку
шукае вуха шызік-блюз...
калі заб'еш мяне ў завулку
вядома, атрымаеш плюс.

а калі зробіш гільяціну
на абрусеўшым дыване
вядома, атрымаеш мінус
і скорміш, бы сабаку - мне.

 

 

Цёплы пажадлівы ніз тоіць ілюмінатар
Шкло яго - брама, а ты
Пахнеш усёж ружай і дзёгцем.
Я занясу цябе ў спіс,
Міс "асабісты" анатам,
І для такой глыбіні
Варта састрыгчы пазногці.

Толькі маўчы маўчы,
Я так баюся болю.
Толькі заўваж, калі
Станеш мне не загадкай.
І для сваіх вачэй
Выбяры кропку на столi,
Я для цябе - раман
Ты для мяне - нататка.

А за дзвярыма мой
Упарта чакае мужчына
Народжаны на ліхтары
Жыць без святла не мусіць.
У жыцці яго толькі дзве
Жанчыны - я дый Айчына,
Першая дык заглыне,
Другая - толькі ўкусіць.

Ты яшчэ трошкі паспі,
А ў восем - зганяем у краму,
Раніцай я адпушчу
І нагадаю пра фарбы...
Кажаш, на маляванні
Ўчора праходзілі ламу?
...а хочаш мы у пяску
пад шкельцам схаваем скарбік?

А хочаш, мы ўдзвюх уцячом?
Як у песні - ніхто не дагоніць!
Жорсткія спатыкачы
Зноў сабе нешта зламаюць.
Слухайце, пані Рэнэ,
Я вам усё дазволю
Бачыце, пані Карын,
Я вам усё дазваляю

Хай там у ніх - таршэр,
Толькі у нас - лучына
Хай там яны парвуць
Невычарпальныя горлы...
А за дзвярыма мой
Упарта чакае мужчына,
Стомлены і сівы
Родны такі... і ўмёрлы.
***

 

Ля шыі схлусі
Як пальцы бягуць па пацерках...
Твой позірк - бы стрэл,
Бы здрадлівы amen - жаліцца.
Паклянчы малітваў,
А лепей за ўсё - па мацерцы.
Ужо ўсё адно -
Ці шэптам,
Ці ўголас лаяцца.

Ты просіш чакаць.
З адчайных вяршынь - у пакутніцы
Пачварай зпаўсці
У бездань - красуню смуглую.
І верыць у цуд - а што, калі раптам круціцца,
І веры даваць - а што, калі раптам круглая.

***
Не, не слабая жанчына - кволая...
І калі раптам не хопіць сутоння,
Прыйдзецца, каб зруйнаваць цябе словамі,
Выбегчы на падваконне.

А ці на ўсе зашпіліўся гузікі?
Ці прыхаваў словы ветрам сцёртыя?
Музыкі! Музыкі! Музыкі! Музыкі!
Не, не слабая жанчына - мёртвая!

А ці на ўсе зашпіліўся засаўкі?
Мабыць, даруй. Бо яшчэ парадую...
Перад растаннем так нізенька ластаўкі
Падаюць.

 

 

 
 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2008 Lirnik-Making

Рыма-каталіцкі Касцёл на БеларусіAkavita SpyLOGРейтинг@Mail.ru Rambler's Top100

Hosted by uCoz