прыгажосьць

прысьвечана Brilliance

Мяне абуджае прыгажосьць. Прыгожае слова? На маё разуменьне ў ім лётае прадстаўніцтва дробнага сусьвету. Можна асалодамі займацца на канцах жалезных голак, і можна подыхам абвінаваціць у паразытызме. Аднаасобнасьцю цяжка. Паляваць на прыгажосьць, ірваць з адвіслых пад яе цяжарам шпалераў кавалкі засохлага клею альбо малюнкі іншабаковых першасьцяў. Падабаецца слова першасьць. Мой клей звычайна ў форме… У выдатна-добраякаснай форме. Тэрмін прыдатнасьці два гады, а выкарыстаньня - часам да яго не даходзіць. Чарга. У якой форме звычайна набываеш клей? Бутэлечка, дробненькая пластмасавая незразумеласьць ці папяровая з патрэбаю вады? Але прыгажосьць ня ў форме.
Твой пярсьцёнак з упартасьцю сьлізгае па маіх руках. Прыгажосьць. Хтосьці бачыў, але часьцей - у працэсе, амаль таемна. Новае разуменьне дотыкаў. Разуменьне двух. Гэта прыгажосьць. Ідзеш кірункам знаходжаньня мяне, і першым крокам зьмяняеш дагэтуль закансерваваны сьвет. Твой крок праз пліты і асфальт стварае ляндшафт. Не прыгожае слова ляндшафт, але прыгажосьць у тваёй пабудове. І твае сьляды першага кроку застануцца ў пакаленьнях. Высокі стыль зямельных практыкаваньняў. А другім крокам зробіш працяг. Ідзі да мяне і напаўняй гэтую зямлю прыгажосьцю.
У мяне была думка. Толькі вось… яна заблыталася з валасамі. А дзе была прыгажосьць мая? З першым ці… Праз кожную зь мінулых трох кропачак можна было б працягнуць так шмат валасоў. Яны невычэрпныя, і валасы, і кропачкі. Я прыгажосьцю намажу іх, і клейкія, яны зноў такі будуць чапляцца да сьвету. Яму не хапае. Хаця і з думкамі там даволі напружна. Я пачну. Твой крок другі робіць … памятаеш яшчэ? Мяне абуджае прыгажосьць. Калі жадаецца прачнуцца. Выцягнуць верхнія пальчыкі і дацягнуцца імі да цябе, туды, дзе знаходзішся, туды, дзе адпачываюць твае, туды, дзе прыгожа.
У жалезным аздабленьні люкі прыцягваюць. Калі б нейкая сьветлая галава зрабіла іх з любых іншых рэчаў і матэрыялаў, варта было б правальвацца туды, каб не даваць мажлівасьці ім пакідаць свае адзнакі ў памяць. Глядзець-глядзець-глядзець на словы і аб'екты хараства. Пад дажджом яны падвойваюцца і адбіваюцца, ля промняў адлюстроўваюцца. Пакамечаная пластмаса на гэтае ня здольная.
Увечары колеры гуляюць з маімі ўявамі. За руку, за ідэю, хто хутчэй… не істотна. Ім разам утульна. Прыгожа.
Забыў напісаць пра самае прыгожае слова. На літару К.
Маё каханьне.

 

 
 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2008 Lirnik-Making

Рыма-каталіцкі Касцёл на БеларусіAkavita SpyLOGРейтинг@Mail.ru Rambler's Top100

Hosted by uCoz