Аліна Радачынская

 

Бо знікае...

 

Паветра – ты, я – вада…
Вецер лунае па бліскучай павехні
І не кранае дна…
Але тут, напэўна, цунамі…
Я станаўлюся ля вакна
І пачынаю чакаць цябе,
Бо ведаю, што ты не прыйдзеш.
І я магу ў цішы здзейсніць
Гэта самазабойства праз пакуты чакання.
І танюсенькімі нітачкамі выцягвае поўня
Спакой з маёго сэрца.
Асцярожна, каб не захаваць
Непарушнай гэтую бясконцасць,
Што трымае на ўздыме
Маё хваляванне.
І вольныя пачвары роспачы
Карагоддзяцца на далонях часу.
А той ідзе па-воль-на.
Павольна цячэ хвіліна ў хвіліну…
Хвіліна ў хвіліну.
Хвіліна ў хвіліну!
І тут я адчуваю,
што не здольна спыніць яго.
Ён ўжо забіў мяне.
А я не заўважыла.
Я чакала цябе…

 

 

святлафор згас.
вада струмяніцца і за сабой
нясе сляды, што пакінула сэрца.
сэрца згубілася паміж
жорсткасцю і свабодай.
заблукала ва ўласнай самасці.
і цалуе неба,
нібы тое дапамогай будзе.
сэрца збірае апалае лісце,
каб у пошуку паратунку
зварыць зелле
і, атрымаўшы замест яго атруту,
выпіць. Святлафор згас.
больш няма маяка
і няма плаціны,
і вада зносіць крокі,
і невядома: ці на скрыжаванні,
ці на адхоне, ці пасярод пустэльні
пралягаюць гэтыя думкі.
а вакол – здрада, каханне,
жорсткасць, асалода,
спакуса і шчырасць
спрачаюцца каму ж
у спадчыну дастанецца сэрца.
але вада – добры вартаўнік,
і сэрца ніхто не знойдзе, бо
святлафор згас.
вада мацнее.
і крокаў не адшукаць
у сакавіцкім небе.

 

Каханкі

Сакавіцкі снег цалуе зямлю.
Раптоўна, без засцярогі.
Нібы хоча забіць.
Без асалоды ці натхнення,
Проста - у апошні раз...
Хоча шаснуць яе
Лязом сваёй жарсці па твары.
Але толькі пырскі яго
белай крыві працінаюць паветра.
Што ёсць моцы ў збалелым,
збялелым целе, цалуе каханку.
І спасцігае ўласную бязважкасць.
І робіцца мудрым і шчаслівым.

 

 

 
 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2008 Lirnik-Making

Рыма-каталіцкі Касцёл на БеларусіAkavita SpyLOGРейтинг@Mail.ru Rambler's Top100

Hosted by uCoz