сінявокая

 

Мая сінявокая. Ад народзінаў маёмасная, ад маёмасьці аднекуль здалёк захаваная, ад хованак забясьпечаная. Зь нечым родным краіна ўтульная, сінявокая. Недасып? Недазгода? Абскарджваць вонкавыя дадзенкі не атрымаецца праз адсутнасьць правоў на стварэньне сябе. Мая краіна з вокам колеру ахвяры за праведнасьць.
Калі скрыпіць ля дзьвярэй, дзе знайсьці прычыну галюцынацый вушак? Рацыянальным падыходам забінтаваць аўдыяльныя ўваходы ў зьмястоўнасьць целавых шчыльнасьцяў. Я хворы, і без ізаляцыі маіх напругаў буду выпілоўваць новыя дзьверы, але іх абрысы застануцца ў памяці будучых варыяцыйных носьбітаў ідэі. Чаму дрэвы не растуць адразу ў форме мэблі? Гэта ўратавала б ад пакутаў трэцюю частку маёй сінявокай, і здольных да паходаў скурай ножак памножылася б. На нашых плантацыях расьце стул. Мы аграрыі-адступнікі. Трымаць абарону ад нападаў традыцыі абгароджваць усё плотам. Рады вітаць, сядайце. Лёгка-зразумеласьць быцьця. У акулярах мая сінявокая, каб дадаць розуму і схаваць колер пад вокам. І дагадзіць няма чым. А хтосьці іншы спрабуе нагадзіць. І ён-яна-яны мне не вядомыя, але бясконца на тысячы мільярдаў словаў далёкія. І не суседка за сьцяной, і ня тая, што прадае квіткі з забытымі бігудзямі і ружовым гадзіньнікам.
Са спадніцы часам можна прачытаць апошнюю гісторыю яе ўладаркі. Мая сінявокая без спадніцы. Навошта ёй непатрэбныя позіркі зайздросных іншавокіх? Але вось і без спадніцы неяк не суперпрыстойна…
У маёй сінявокай тысячы рэкаў і азёраў. І яшчэ розныя вадкасьці. І невядома, аб’ём чаго пераможа ў спаборніцтве нацыі. Мая сінявокая выгарае пад сонцам. Галеньне ножак ці падфарбаваньне вачэй, зранку пасьпявае ня шмат. Зь імя маёй сінявокай зразумела, што абірае яна. І жадаю ёй шчасьця, а яна не бярэ. Ганарлівая ці сьціплая? Хіба істотна?
Падаруйце мне патрыятызм.

 

 
 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2008 Lirnik-Making

Рыма-каталіцкі Касцёл на БеларусіAkavita SpyLOGРейтинг@Mail.ru Rambler's Top100

Hosted by uCoz