Павал Хадзінскі... вершы частка 1

 

пачатак
цыклы
не вершаванае
пра мяне
слухаць па начах
творы сяброў
галерэя
спасылкі
гасьцёўня

 

частка 1

частка 2

 

Лю

Нюхаў люстэрка над рэхам паветраным
Сьцішана, соладка, з кавай ухіл
Час літаральны падмэтна павернутым
Лікам сябе па-за шклом пагасьціў.

Нюхаў люстэрка я тэрмапачуцьцямі.
Пахне Алісай, нібыта намёк.
Ёй наўспамін узгадаю магуцьцямі
Колер люстэркавы. Ейны ўцёк.

Нюхаў люстэрка праз каву аблітую
Зь безьлічы сноў ці з адзінкавых я.
Адлюстраваньне, люстэркамі вітае
Спраўдзіць спрабуе, дзе сьніцца хлусьня.

Нюхаў люстэрка пад гушканьне гладкае,
Наўяўляў у празрыстым сусьвет.
Я ў сусьвеце стварэньне звышрэдкае.
Мой у люстэрку празрыстасьці сьлед.

 

Мая шуфляда

Не беражліва ссоўвае рэфлексы
У задні бок начной шуфляды
Бяз сэнсу ў заплюшчаных вачах
З адметнай сьціпласьцю кусае
Мае інэртныя пачуцьці,
Калі бязь зьмены вопраткі кладзешся
Спаць.
Мая шуфляда не нагадвае
Пасьляпадушкавы ўзор. У ёй
Ёсьць пыл, які з дыханьнямі мяне
Спрабуе нагадаць твой цень.
Хадзем далей.
Як можна абаперціся на
Адваротны рух?
Калі высоўваеш шуфляду,
Ці адмыкаеш ты яе свабоду?
Альбо бянтэжыш сэнс.
Не беражліва моц сваю
Скіроўваць на шуфляду.
Паабдымай мяне.

 

 

Ведаеш

Ня тысячай тваіх найменьняў
Напісаных у маіх снах
Тваімі вуснамі
У зварот.
Ня сьнегам, які прасунуўся
У тлуста-накручаныя строі
Каб дакрануцца
Да сапраўднасьці.
І ня подыхам вечаровае стомы
Ля прыцемкаў існаваньня
Цёплае коўдры і
Цёплага напою,
Які адаб’ецца гукам
Радасьці каля вуха.
Не, ня там, але
Злучнасьцю думкавай прасторы,
Каб шлях між паверхамі
Яскравасьці і Далячыні
Быў вымераны даўжынёй
Спалучэньня
Паветра з аблокамі.
І тады...
Але ты і так
Ведаеш.

 

Падножжа

 

Вы ток

Колеру тваёй ску
Ры
Бныя падсумавань
Ні
Зкай столі.
Падсумавалі сум
Ам
Фітэатральныя шля
Хі
Рургічнай ежы.
А я люблю рыб
Ак
Самітны вод
Ар
Кестравых пад мінус.
І давай труба
Мі
Ласэрнасьці ў іх цыр
Ках
Анымі ляцець.
На тваёй ску
Ры
Чаць пяшчота
Мі
Ліярды промняў.
А тыя, што ў мэ
Тро
Лі нам абяца
Лі
Стоту, каб вышэй, вышэй.

 

 

 

 

Колер думак

 

 

У тваім сьне

 

Толькі не паблытай мяне
Са сном.
Бо ў тваім сьне я буду
Паветрам.
Празрыста-непатрэбным.
А ты
Будзеш паляваць на вецер
З кошыкам са згубленым дном.
Я за тваёй сьпінай.
А ты й не заўважала
Ніколі.
Не паблытай мяне
Са сном.
Разблытваць будзем разам.
Але лепш проста
Разам.
Не блытай...

 

Адрэсы

Нарэшце прытомнасьць зноў страціла раніца.
Сталее. Як ставіцца да дзьмухаўцоў
У час запаленьня праз гук імітацыі
Расьсейваньня спрэс у пазыках высноў.

Ня хутка прачнецца, каханьнем замкнёная.
Акрэсьліваць крэйдай вакол валасоў.
Працягі на паўзах, сьціснуты сьцёгнамі,
Наблізіць няма як адрэсы высноў.

Прытомнасьць разбэшчана мокраю раніцай
Бяз сэнсу каб дзьмуць і ў сэнс цішыні
Букеты фрагментамі ў сон апыляюцца.
На збор ураджаю. Высновы і пні.

 

 

 

 

Горад

я жадаю пабудаваць горад
мой горад, бяз сьмецьця
ён будзе існаваць для двух
чысты, бяз спазмаў у страўніку
сьмецьця, бо ён – для нас
а калі не для нас ? – тады я
зруйную, ці лепш пакіну яго
у самоце і ствару новы свой горад
але ж і той – першы – застанецца
маім, толькі для майго ценю
ці для мяне, калі я пажадаю
пераапрануцца ў цябе і
ты зьдзівішся
ўбачыўшы сябе
бяз страўніка – бо ён аддадзены
сьмецьцю
але горад мой ёсьць празрыстым
і таму для цябе там ня будзе
месца
калі ты бяз страўніка, які
аддадзены сьмецьцю
і тады я пераапрануся ў птушку
а ты – ў мяне
і мы знойдзем свой горад
бяз сьмецьця

 

 

 

 

 

 

К.

Гэта тое, калі
Настрой прысутнасьці скідае
На даты выпісаны час,
А ў шуфлядзе зь іншабоку
На калісьці прымацаваная
Узьнікае драбнютка
З прызнаньнем.
Гэта калі
Дыханьнямі на шкле
Наўяўляць малюнкі з фарбаваньнем,
А ў гэты час трамвай
Нам калыхае нашы целы.
І гэта тое зноў, калі
Ля-ля
Ўбірае ў сабе ўсе тыдні
Доўгага сусьвету за адзін уздых,
І падчас пяшчоты
Пражываем той сусьвет
У безьлічы разоў.
І гэта тое, калі
Уздых уздых.
Яшчэ і тое, калі
Сцалоўваць ветрам створаныя сьлёзы.
Мае пачуцьці для цябе.

 

 

 

 

 

 

Крылы

 

 

 

<

 

 

 

 

 

У лужынках

Паглядзі, на маіх далонях
Засталіся адбіткі ад адбіткаў,
Якія калісьці былі на тваіх.

Вось твае лініі, крыху
Сьцёртыя ў кілямэтровых
Падарожжах.
Твае.

А мае далоні не сьціскаюцца,
Каб не пакамечыць тваіх ліній.
Глядзі на тое воблака на небе.
Хутка яно падаруе мне
Тваё
Адлюстраваньне.
І калі пойдзе дождж,
У лужынках таксама будзеш
Ты.
Паглядзі, праз тое месца, дзе
Стаіць твая правая нага –
Пачнецца маленькі землятрус,
Ён будзе працяглым
Пакуль мая правая не
Напаткае яго.

Паглядзі,
Вось
Ты.

 

 

 

На Раство

Аблыселыя кроіш паэмы мне
Асьцярожна з падножнымі водамі.
О містэрыя! Гукі, адсоўваньне
Эпітафіі, зраненай зводамі.

На мармур – цёплых кветак, з найлепшымі...
Тэлефон твой карміць пара ватамі.
Не люблю, калі кветкі ня сьвежымі.
Як заўжды, тэлефон за паў-кратамі.

На Раство, на містэрыю нацыі
Запрашу праз расшпіленасьць ветласьцю
Твае вібра ці медыя тацыі.
Ёсьць стварэньне з часовай бяздзетнасьцю.

О, містэрыя! Ім не стасуецца
Ні фінал, ні Раство, ні... з найлепшымі...
Асьцярожна, з падножнаю вуліцай
Застаюцца там лепшыя вершы.

 

 

 

Сонцы

Твае сонцы далонямі згорну
Ты
Я.
Ратаваў я твае наступствы
У прасторы бязмоўклага тут не ты, я.
Пачастункі леташняй лусты.

Каля нас каляІны пасьведчаньнямі –
Пераказы на спробу сьмеху.
Твае сонцы паснулі скалечанымі
Як той сьнег, што вернуты зь меху.

Перамовы ў проймах іх між гвалтамі
Табе адзін, мне на вячэру.
Твае сонцы перакрэслены датамі.
Ты...
Я...
Ці тыя, каб у веру?

 

 

 

 

Адчуваньні

Як жаданьне
Пераблытаць валасы нашыя
І прачнуцца разам, каб
Разблытваць і
Яшчэ больш паглыбляцца
У натуральнасьць погляду
Па-за зрокавых рэчаў.
Як сувязь шчыльнасьці
У шчырых асэнсаваньнях
Магутнасьці ў слабасьці,
Каб не пазьбегнуць сьпеву
Раніцы.
Як мэта пераказу
Свайго жыцьця далей,
Дзеля пачуцьця вольнасьці
Праз рух яе павекаў.
І як уява цёплых сьценаў.
Але для волі сьцены зьніклі.
Як безліч літарак,
Якія пішуць лёгка і на скуры.
Як непрытомнасьці гучаньне.
Так адчуваю
Я.

 

 

 

Пачутае

Акамулюй мяне праз памяць –
Я пазначу дзьверы на ўваход
Тут стоп, і там, на
Перакладзеных скрыжаваньнях
Зноў заіржавелі ключы.
Мяне праз памяць –
І пастаўлю крэйдай крыжык,
Але звычайна крыжыкі –
Там дзе стоп.
Векавечны.
Акамулюй, і не складана гэта,
І не пакіне знакаў між далонямі.
Акамулюй, я твой.
На вецер кожны
Я пабудую млын.
У гонар твой.
Праз выпадковасьць кожны ключ
Пакіне форму,
І тады…
Іх іржавелая свабода
Паверне дзьверы на ўваход.
Прыемна слухаць сьпевы
Птушак.

 

 

Праз пошук

Існуе недасказанасьць
У пальцах,
Калі міжвольна застаецца
Цьвёрдай кропкай
Па паветраных, амаль
Ахвотных для нападу,
Месцах запісу
Пачатку.
У Імя.

Недатыкальнасьцю па скуры
І пад ёй намазваць мазьзю.
Яна шануе
Выбарнасьць,
І забывае на працяг,
Таму што шкло
Канфліктамі
Раскладзена пад ножкі.
У Імя…
А воскам паляпшэньне.

 

 

 

 

 

Маё ціхае

Мяне ня хопіць на гераічнасьць,
Бо там чарга ў пазалеташніх,
І лепш я пакажу ім
Рыску фінішу,
Па-за якім – прыз велічны
У сваёй пошлай апрацоўцы
Скончаных прадуктаў.
Мяне ня хопіць, і мяне не зразумее
Веліч,
Але адчуеш Ты,
Хаця ў іх прыгатаваныя ўжо
Валізы шчасьця, куды
Пакладуць мяне і накіруюць
На новыя праявы
Маёй гераічнасьці.
Але мяне ня хопіць.
Хто ж ім скажа...
Ды і на валізах ня пішуць
Эпітафіі.
Я буду так, каб адчувала Ты,
Але не так, каб чулі тыя звонку,
Мяне ня хопіць,
Але хопіць і аб тым.
Бо тое – дым, ён ёсьць, і вось...
Бясконца я Цябе кахаю.

 

 

 

Праглынуўшы

Праглынуўшы водар стомаю
Па балесна-
Лёгкіх правілах
Цяжкай думкай, мне знаёмаю
Па-над прорваю ў абставінах.
Скрыжаваньне – Я і Зморанасьць
Мне мацней на плямы гонару –
Адбіваецца аздобленасьць
На аскепках – пошук донара.
Азнаёмлены з інструкцыяй
Ужываньня простай формулы.
У пачуцьцяў
Ёсьць
Карупцыя.
Сэрца мераем на гранулы.
Апранацца лепш бяз памяці,
Мне ТАК вусьцешней
Становіцца.
Без натхненьня
Вы
Не збавіце,
Без пачуцьцяў нешта
Здарыцца.
На іржавай лыжке зносінаў
Пачастуемся з удзячнасьцю,
Праглынуўшы
Лёс адносінаў.
Ці спасьцігнем, што ёсьць
Вартасьцю...

 

 

 

Гук на лірах

Мне гадзіньнік граў п’есы
На каленях, каб вібрацыяй на цені
Перакрэсліць запавету запаленьні.

Там загорнуты бесы.

Гук на згубленых лірах
Для цябе на перасьлед, на пункт забавы
Перад кім ты есьці будзеш у Варавы?

Хто з атрутай у вінах?

Мой шчасьлівы і б’ецца.
Так тактоўна, бы цьвіком па вызначэньню
Мой гадзіньнік асьвячае запаленьні.

П’еса гвалту ліецца.

 

 

 

частка 1

частка 2

 

 

павал

 

2008 Lirnik-Making

Рыма-каталіцкі Касцёл на БеларусіAkavita SpyLOGРейтинг@Mail.ru Rambler's Top100

Hosted by uCoz